Тэма: Ніл Гілевіч «Маці».
Мэта: дапамагчы вучням усвядоміць жанравыя асаблівасці лірычнай споведзі; удасканаліць уменні вучняў аналізаваць паэтычны твор; спрыяць развіццю маўлення, навыкаў працы з літаратурным артыкулам; выхоўваць любоў і павагу да маці.
Эпіграф:
Я хаце абавязаны прапіскаю –
Калыскаю, падвешанай пад столь.
Я маці абавязан кожнай рыскаю…
Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,
Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі.
Аркадзь Куляшоў
Ход урока
I. Арганізацыйны момант.
II. Матывацыйны этап.
Настаўнік.
Вочы твае нада мной узышлі
Сузор᾿ямі цішыні, сусветамі дабрыні,
Пакуль ёсць яны – мне на зямлі светла, мама…
Маці, мама, матуля… Гэтыя словы хвалявалі і хвалююць кожнага чалавека. Вобраз маці прысутнічае ў вуснай народнай творчасці, у творчасці мастакоў, кампазітараў, паэтаў. Свет ведае Мадоннаў, створаных геніяльнымі мастакамі: Рафаэлем, Рубенсам, Рэмбрантам і інш. Вобраз маці апяваецца і ў песнях, і ў вершах. Вершы пра маці ёсць у П. Броўкі, П. Панчанкі,
Р. Барадуліна, М. Танка, Н. Гілевіча. Мне б хацелася, каб сённяшні ўрок прайшоў пад дэвізам «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль».( Дэманструюцца слайды: вобразы маці на абразах і ў творах жывапісу).
Вобраз маці, бадай, адзін з самых галоўных у беларускай літаратуры. Паэты і празаікі звярталіся і звяртаюцца ў творах да сваіх матуль, з цеплынёй і ласкай гавораць пра іх. Зараз мы з вамі ўпэўнімся ў гэтым. ( Дэманструюцца слайды: Я. Купала з маці, Я. Колас з маці, М. Багдановіч з маці, Н. Гілевіч з маці).
Звярніце асаблівую ўвагу на слайд, дзе мы бачым Н. Гілевіча з маці. Я невыпадкова сказала так, бо сёння мы з вамі будзем знаёміцца з вершам Н. Гілевіча «Маці». З глыбокім шанаваннем згадвае светлы вобраз маці Кацярыны Мікалаеўны, захапляецца яе працавітасцю і душэўнай шчодрасцю. Сваёй маці паэт прысвяціў кнігу «Любоў прасвятляе».
III. Праца над вершам.
1. Чытанне твора Н. Гілевіча «Маці».
2. Аналіз верша настаўнік робіць разам з вучнямі па плане:
1) Тэма верша: тэма маці
2) İдэя: апошнія радкі твора:
Як позна- любімыя дзеці-
Мы няўдзячнасць сваю
Разумець пачынаем.
3) Від лірыкі: грамадзянска-філасофскі.
4) Праблемы твора: маральна-этычныя.
5) Верш-споведзь.
6)Першая страфа: Сын прыехаў дадому, на двары яго сустракае маці. Ён з радасцю і замілаваннем глядзіць ёй у вочы і цалуе «знаёмыя родныя вусны».
Другая страфа: Сын глядзіць у вочы маці, якія свецяцца шчасцем ад таго, што сын прыехаў дадому.
Трэцяя страфа: Сын ведае, што ў доўгія зімнія ночы вочы маці ззялі вясёлымі зоркамі над ім, усміхаліся і забаўлялі.
Чацвёртая страфа: Гладзячы рукі маці, сын памятае: яны не зналі ў працы прынукі, спавівалі нас перад сном галубіным.
Пятая страфа: Сэрца маці напаўнялася болем за нас, за наш сорам; радасць светлая дзіцячая напаўняла, разлівалася морам.
Шостая страфа: Сын стаў дарослым. Маці толькі б наглядзецца на сына. Гэта яе запаветнае жаданне. Але жаль, боль, горыч працінаюць яго душу, што позна мы, дзеці, пачынаем разумець сваю няўдзячнасць.
7) Эпітэты: родныя вусны, мілыя рукі, радасць светлая і г.д.;
Метафары: вочы свецяцца шчасцем; вочы ўсміхаюцца нам; радасць напаўняе цябе.
Параўнанні: мазалі, як бабіны; сорам, як вялізнае гора; радасць разліваецца морам.
Зваротак: любімыя дзеціі.
Фразеалагізмы: сон галубіны.
8) Аўтарскае пачуццё, увасобленае ў творы: крык душы.
9) Жыццёвыя вытокі твора: Былі моманты ў жыцці паэта, калі ён прыязджаў да маці, і сэрца заходзілася радасцю ад сустрэчы з маці, боль ад таго, што рэдка прыязджаў да маці, горыч і жаль, што маці становіцца нядужай і сівой.
10) Манера аўтарскага выказвання: шчымліва-шчырае прызнанне.
11) Фанетычны аналіз: роля зычных і галосных у тэксце:
Любімыя дзеці, галубіны сон, родныя вусны – гучыць любоў.
12) Сінтаксічны аналіз верша:
Сказы са шматкроп᾿ем выражаюць нявыказаныя пачуцці аўтара.
13) Вершаваны памер: ямб.
14) Ці часта вы выказваеце свае пачуцці самаму дарагому чалавеку?
IV. Фізкультхвілінка.
( Праводзіцца з выкарыстаннем афтальматрэнажора)
V. Работа ў групах.
1 група: Чым вас кранае споведзь сына?
2 група: Ахарактарызуйце галоўную гераіню твора.
3 група: Вобраз маці ў вершы Н. Гілевіча «Маці» і ў вершы В. Зуёнка « Я са шляхоў далёкіх…»
VI. Рэфлексія.
Да якіх думак і разваг падводзіць вас верш Н. Гілевіча?
VII. Дамашняе заданне.
Падрыхтаваць вуснае паведамленне на тэму «Мой самы дарагі чалавек».
VIII. Падвядзенне вынікаў урока, выстаўленне адзнак.
Настаўнік. Мне застанцца падзякаваць вам за працу, і закончыць урок я хачу словамі Р.Барадуліна «…İ калі б была воля мая на тое – пачаў бы я азбуку менавіта з літары М: як і ўсё на зямлі, усё ў нас пачынаецца з маці, усё з-пад матчынага сэрца… Маці адна, маці незаменная…»
раскрыть » / « свернуть